Туристическое агентство «АйринТур» представляет: Музыкальный лагерь «Gold Camp» в Грузии!

Першы «электрычны» дом у Івацэвічах пушчаны ў эксплуатацыю

09.02.2022 05:15
Общество

1 лютага пушчаны ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом у новым мікрараёне забудовы «Кляноўка». Асаблівасць яго ў тым, што гэта першы «электрычны» дом у райцэнтры; інжынерныя сістэмы і сеткі дадзенага дома сілкуюцца толькі ад электраэнергіі. Карацей, газ да гэтага дома не падведзены. Дом узведзены сіламі будаўнікоў Івацэвіцкай ПМК-11.

Першы «электрычны» дом у Івацэвічах пушчаны ў эксплуатацыю

– Будаўніцтва менавіта «электрычнага» дома не было для нас чымсьці асаблівым, мы адносна лёгка справіліся з аб’ектам, – гаворыць галоўны інжынер Івацэвіцкай ПМК-11 Андрэй Клютко. – Хіба што мантаж ліфта – а гэты дом у райцэнтры з’яўляецца першай пяціпавярхоўкай з ліфтам – запатрабаваў, так бы мовіць, напружыцца. Дом здаецца з чарнавой апрацоўкай, праведзена тынкоўка сцен і зроблена сцяжка падлогі. Унутраныя работы і рамонт «пад сябе» будуць выконваць новыя гаспадары…

На вул. Чарткова каля «Маладосці» будаўнікамі Івацэвіцкай ПМК-18 узводзіцца яшчэ адзін падобны дом, але ён усё ж такі будзе часткова «электрычны», ацяпленне і гарачае водазабеспячэнне ідзе ад кацельні, што знаходзіцца побач. Радуе, што будаўнікі па патрабаванні кіраўніцтва раёна перад пачаткам работ правялі добраўпарадкаванне, каб не ствараць нязручнасці: арганізавалі пад’езд і разваротную пляцоўку, пабудавалі новую стаянку для аўтамабіляў, кантэйнеры для смецця перанеслі ў зручнае для
жыльцоў месца…

Пра жыллёвае будаўніцтва ў 2021-м годзе

У 2021-м годзе на будаўніцтва жылля ў Івацэвіцкім раёне выкарыстана 23,8 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал, што складае 17,9 працэнта да агульнага аб’ёму інвестыцый раёна і на 3 працэнты вышэй узроўню 2020 года (у супастаўных цэнах).

Арганізацыямі ўсіх форм уласнасці і індывідуальнымі забудоўшчыкамі пабудавана 140 новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 15,1 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, што складае 107,9 працэнта да запланаванага задання на год і 92,4 працэнта да ўзроўню 2020 года.

Для грамадзян, якія стаяць на ўліку, бо маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эксплуатацыю 11,9 тыс. кв. м агульнай плошчы, або 78,6 працэнта ад агульнага аб’ёму ўведзенага жылля па раёне. З іх 7,1 тыс. кв. м агульнай плошчы пабудавана з выкарыстаннем дзяржпадтрымкі, гэта на 5,9 працэнта ніжэй узроўню 2020 года.

У сельскіх населеных пунктах уведзена ў эксплуатацыю 2,9 тыс. кв. м агульнай плошчы жылля, або 19,3 працэнта ад агульнага ўводу жылля па раёне (у 2020 годзе – 21,3 працэнта).

Фото: источника