Кому помешал туалет? Случай в Брестской области
У гэтым годзе ў Івацэвічах з’явілася скейт-пляцоўка. Нешматлікія райцэнтры могуць пахваліцца такім спартыўным аб’ектам, таму размоў вакол гэтай навіны было шмат. Таксама было шмат удзячных водгукаў і абяцанняў беражліва ставіцца да скейт-пляцоўкі і да таго месца, дзе яна знаходзіцца. Але ці спраўдзіліся яны?
Як паказваюць апошнія падзеі – не. Мы наведалі СДЮШАР г. Івацэвічы па непрыемнай нагодзе – вандалы пашкодзілі дзверы прыбіральні: дзверы праламаны наскрозь, пластык разляцеўся пад моцнымі ўдарамі…Карціна насамрэч жудасная. Як расказаў дырэктар СДЮШАР г. Івацэвічы Сяргей Васілевіч, гэта ўжо не першы выпадак вандалізму: аднойчы ракавіны прыбіральні былі засыпаны пяском з пляцоўкі для пляжнага футболу, потым хтосьці скруціў адзін з унітазаў.
– Гэтыя выпадкі пачаліся пасля таго, як з’явілася скейт-пляцоўка. Мы вырашылі, што не будзем зачыняць прыбіральню, каб у кожнага, хто наведвае скейт-пляцоўку, была магчымасць па неабходнасці наведаць яе. Але гэта прывяло да вось такіх не вельмі прыемных вынікаў, – сказаў Сяргей Васілевіч.
Здавалася б, кіраўніцтва СДЮШАР сапраўды пайшло насустрач наведвальнікам скейт-пляцоўкі, паклапацілася нават пра такія дробязі, як асабістая гігіена – цалкам цывілізаваны падыход да адпачынку. А што атрымала? Як мінімум, пашкоджаныя дзверы, якія ўжо адрамантавалі ўласнымі сіламі, а яшчэ адчулі расчараванне, бо, як ва ўсім вядомай фразе: хацелі, як лепей, а атрымалася, як заўсёды.
Існуе тэорыя разбітых акон. Сутнасць тэорыі зводзіцца да наступнага: калі ў шматкватэрным доме з’явілася разбітае шкло і ніхто не ўставіў новае, то адносна хутка ва ўсім доме не застанецца цэлага акна, бо людзі будуць глядзець, што адно акно ўжо разбіта і думаць, а чаму я не магу разбіць яшчэ адно? Рамкі дазволенага рассоўваюцца да ўседазволенасці. Разбітае акно – гэта сігнал, што ўсім абыякава, і далейшы вандалізм, а то і больш сур’ёзныя злачынствы застануцца без наступстваў. Аднойчы пачаўшыся, вандалізм выклікае эфект даміно: побач з адным надпісам з’яўляецца наступны, а адзін разбіты ліхтар або перавернутая урна правакуе біць і ламаць далей. У выніку мы атрымліваем горад, у якім не хочацца жыць.
Ужо не раз раёнка пісала пра тое, якія эканамічныя страты цягнуцца за пашкоджанай клумбай або лавачкай. Колькі нязручнасцей гэта прыносіць супрацоўнікам ЖКХ. Але вынікі несуцяшальныя. Выпадкі працягваюцца…
Дарэчы, час работы скей-пляцоўкі ў зімні перыяд зменіцца – цяпер яна працуе да 20.00. А прыбіральняй можна карыстацца да 16.00, далей – можна будзе прасіць ключ у адміністратара. Гэта вымушаная мера ў адказ на тое, што не навучыліся мы цаніць тое, што маем.