Проблема бездомных собак в Ивацевичском районе
У райгазету звярнулася жыхарка Быцені Кацярына С., якая абураецца тым фактам, што на тэрыторыі мясцовага дзіцячага дома «прыгрэлі» зграю сабак (іх прыкормлівалі дзеці, якія тут знаходзяцца). Па словах нашай чытачкі, кіраўніцтва навучальнай ўстановы пасля ўстанавіла забарону на «наведванне» сабакамі дзіцячага дома, і цяпер яны, галодныя, гойсаюць па Быцені, брэшуць па начах, кідаюцца на людзей…
Старшыню Быценскага сельсавета Алену Грынчык праблема бадзяжных сабак, як кажуць, «зачапіла» за жывое. На тэрыторыі дзіцячага дома праблема ўжо вырашана, а вось у межах аграгарадка і сельсавета – не. Безгаспадарных жывёл Алена Мікалаеўна «ведае ў твар»; старшыня сцвярджае, што большая частка гэтых сабак – прывазныя.
– Скажу адназначна: амаль усе яны высаджаны з аўтамабіля гора-гаспадарамі, якія не ведаюць, як пазбавіцца ад жывёлы, што некалі была любімай. Нават атрымлівалася ўстанавіць людзей, хто пакідаў сабаку сярод Быцені, а сам пасля з’язджаў… Так, стараста Міроніма налічыла сем новых сабак у іх населеных пункце – і ўсе яны таксама прывазныя. Яна правяла пэўную работу, бо бачыла, як з легкавіка выкідвалі на вуліцу вёскі непатрэбную сабаку, падключыла міліцыю з Гродзенскай вобласці. І змагла знайсці таго нядобрага чалавека, яго пасля прымусілі забраць свайго выхаванца…
Па словах старшыні, некаторыя з жыхароў Быценскага сельсавета штрафы плацілі за тое, што іх сабакі гулялі «па ўласнай праграме». Быў выпадак, калі ўчастковаму ў в. Заполле прыйшлося страляць, бо бадзяжная сабака агрэсіўна кідалася на людзей. Галоўнае – спыніць «падкідванне» іх і патлумачыць людзям: падкормліванне бадзяжных жывёл – не вырашэнне праблемы. Забярыце яе сабе! Калі не можаце, то і не варта абыходзіцца такой «папулісцкай» любоўю. А пакуль кіраўніцтва сельвыканкама сумесна з прадстаўнікамі Івацэвіцкай ЖКГ вядуць барацьбу па ліквідацыі зграі, што непакоіць быценцаў.
Але ж пітомнік не гумавы
У любым іншым сельсавеце раёна многае могуць расказаць, як ідзе барацьба з безгаспадарнымі жывёламі. Між тым, рост іх колькасці залежыць і ад таго, наколькі якасна праводзяць работу супрацоўнікі брыгады ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», што займаюцца адловам сабак і катоў. Супрацоўнік «ІВ» сустрэўся ў Паўлам М., работнікам ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ», прафесійная дзейнасць якога звязана з адловам бадзяжных жывёл.
– Работа наша неспакойная, бо сігнал аб тым, што «гарэзяць» бадзяжныя жывёлы, можна паступіць у любы час сутак. Памятаю, мне патэлефанавалі сярод ночы, бо, маўляў, у Вольцы сабака накінуўся на мужчыну і ледзь не загрыз. Прымчалі ў тую вёску, а высветлілася наступнае: п’яны гаспадар адбіраў у сабакі міску з ежай, а той укусіў яго. Тады гаспадар пачаў яго біць, яна на яго – кідацца… Не скажаш, што ва ўсім тут вінаваты сабака.
– Дадзеную праблему вы ведаеце «ў твар». Як яе вырашыць?
– Правесці работу па поўным чыпіраванні сабак, якія пражываюць у дамах, кватэрах, на дамашніх падворках. Каб дакладна ведаць, чый сабака бегае «па ўласнай праграме», укусіў кагосьці. Бо ў гэтай справе пакуль поўны хаос. Назіраеш за сабачым «вяселлем»: там і бадзяжныя, і з ашыйнікамі, і дарагіх парод… Няма сістэмы і парадку.
– Павел, вам шмат прыходзіцца гутарыць і спрачацца з людзьмі?
–Так, і бачу, што няма адзінага пункту гледжання на праблему: палова людзей лічыць, што трэба праводзіць татальны адстрэл і ўсыпленне, другая палова “за” ўтрымліванне сабак у пітомніках. Можна вітаць тое, што адзін старшыня сельвыканкама з нашага раёна прывёз у пітомнік у багажніку аўто некалькі бадзяжных сабак, але ж і пітомнік не «гумавы»! У суседняй Бярозе праблема вырашаецца інакш: там сабак утрымліваюць трое сутак і, калі не знайшоўся гаспадар, усыпляюць. У нас як быццам усё больш гуманна, але такая гуманнасць прыводзіць да таго, што не ведаеш, куды падзець сабак. І колькасць пакусаных людзей толькі павялічваецца.
– А калі дамашні любімец стаў стары і хворы?
– Прыкладна 3-4 разы ў год да нас звяртаюцца гаспадары сабак, якія невылечна захварэлі або сталі безнадзейна старымі. Памятаю, адна сям’я з Івацэвічаў двойчы вазіла аперыраваць сваю аўчарку – беспаспяхова! Тады яны папрасілі нас яе ўсыпіць, бо жывёла моцна пакутавала. Лічу, гэта правільны крок. Вось іншы выпадак: мужчына з в. Воля, якому надакучыла свая сабака, вырашыў пазбавіцца ад яе «гуманна»: прывёз да міхнавіцкай смеццезвалкі, высадзіў і памчаў у горад. Але ў той момант я якраз праязджаў міма, змог пасля даведацца, чый гэта легкавік, знайшоў таго мужчыну. Прыйшлося яму, апусціўшы вочы, ехаць на смеццезвалку і забіраць сабаку.
– Дзе праблема з бадзяжнымі жывёламі стаіць найбольш востра?
– У Стайкаўскім, Яглевіцкім, Быценскім сельсаветах. Калі гаварыць пра Івацэвічы, то гэта тэрыторыя каля СШ №3 г. Івацэвічы, каля бойні, у раёне мікрараёна забудовы на вул. М. Танка… Хаця гэта праблема, якая «качуе» з месца на месца, а вырашыць яе можна тады, як толькі кожны зразумее: калі ты любіш жывёлу, то павінен штосьці для гэтага рабіць – прывозіць корм у пітомнік, прыбіраць за імі (і ні ў якім разе не прыкормліваць іх з балконаў або каля пад’ездаў). Калі няма такога жадання, то і не трэба замінаць тым, хто імкнецца ў гэтай справе навесці парадак. У нашым грамадстве шмат гаварыльні, спрэчкі на голым месцы, а праблемы не вырашаюцца. А колькі нам даводзіцца чуць абразлівых слоў у свой адрас!
– Ці лёгка адлоўліваць бадзяжных сабак?
– Патлумачу: мы праводзім адстрэл дроцікамі, жывёла часова робіцца нерухомай, перавозім у пітомнік, дзе яна паступова прыходзіць у сябе… У апошні час яны моцна паразумнелі і рэдка ўдаецца «затрымаць» больш за 3-4 сабакі, а быў час, калі мы імабілізавалі за адзін раз 20 адзінак. Як толькі бачаць наш службовы аўтамабіль Івацэвіцкай ЖКГ, то разбягаюцца ў розныя бакі. Сабакі хутка вучацца, памятаю, у Косаве «гаспадарыў» адзін з іх. Колькі курэй і іншай жыўнасці знішчыў! Людзі ўжо скардзіліся ледзь не ў аблвыканкам. І заўсёды ўмела скрываўся, як толькі спрабавалі яго «затрымаць». Гэта хітрая і асцярожная жывёліна…
– Наколькі пабудова пітомніка для сабак знізіла градус вышэйзгаданай праблемы ў нашым раёне? Можа, яго пашырыць?
– Пашырэнне пітомніка – шлях у нікуды; гэта не вырашэнне пытання, – звяртае ўвагу генеральны дырэктар ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» Аляксандр Кісель. – Увогуле, яго будаўніцтва з’яўлялася крокам насустрач шматлікім (як нам тады здавалася) валанцёрам, якія не пакінуць адзінокіх жывёл у бядзе. Але прайшло больш за год, і мы бачым, што толькі жменька жанчын з добрым сэрцам там працуюць. Але дзе астатнія «сардэчныя» людзі? Яны ж нас ледзь не садыстамі называлі!
Калі мы адмаўляемся ўсыпляць сабак, як, да прыкладу, у Бярозе, то давайце прыкладзем усе намаганні, каб кожная жывёліна пасля таго, як трапіла ў пітомнік, знайшла новую сям’ю, не хварэла, была накормленай. Дабрыня без рэальнай дапамогі – пустая справа.
Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ.