В Пружанском районе мужчина зарубил топором двух собак
Напрыканцы мінулага года ў Пружанскім судзе адбылося разбіральніцтва па ч. 3 арт. 16.29 КоАП Рэспублікі Беларусь: “Жорсткае абыходжанне з жывёлай, якое выявілася ў катаванні жывёлы або пацягнула яго гібель або калецтвы”.
Фото из открытых источников (иллюстрация)
Не так часта яшчэ прымяняецца ў нашым грамадстве гэты страшны, на мой погляд, артыкул, таму хацелася б расказаць пра сутнасць справы. Калі коратка: канфлікт адбыўся паміж суседзямі ў адной з вёсак раёна.
Адказчык убачыў двух суседскіх сабак каля тушы сваёй мёртвай сельскагаспадарчай жывёліны і не знайшоў для сябе іншага выйсця, акрамя як злавіць сабак у сілкі, а потым забіць сякерай.
Пацярпелая — гаспадыня сабак — звярнулася ў праваахоўныя органы. Вынiкам судовага разбіральніцтва стала адмiнiстрацыйнае спагнанне ў адносінах да адказчыка ў памеры 20 базавых велiчынь.
Многа гэта ці мала і якое пакаранне наогул можа быць справядлівым па гэтым артыкуле, размова зараз не пра гэта: суд кіраваўся заканадаўчымі нормамі. Хочацца расказаць пра свае эмоцыі, якія літаральна зашкальвалі падчас пасяджэння.
Мне складана ўявіць, пра што думае чалавек, які мэтанакіравана пайшоў на такое. Няўжо не ўздрыгнула рука ні на секунду? Можна ўявіць (толькі ўявіць, таму што гэта не было даказана), што суседскія сабакі нанеслі ўрон яго маёмасці. Можна ўявіць, што падобныя падазрэнні ўзніклі ў яго не першы раз. У любым выпадку, гаспадары сабак, якія знаходзяцца ў “свабодным выгуле”, бегаюць па чужых участках у пошуках корму або прыгод, парушаюць заканадаўства аб утрыманні хатніх жывёл.
Але мне здаецца, што існуе мноства цывілізаваных варыянтаў для суседскіх разборак, напрыклад, сфатаграфаваць сабак на месцы “злачынства” і паставіць пытанне рубам іх гаспадарам, самому звярнуцца ў праваахоўныя органы…
Адказчык абраў тое, што абраў. Самасуд. І мужчына цалкам упэўнены, што мае рацыю: “Так, я паступіў жорстка, але я стараўся завяршыць усё хутка, каб жывёлы не мучыліся. У мяне не было іншага выйсця”, — сказаў ён падчас суда.
Суседскія канфлікты часам набываюць непрадказальны характар. І, як правіла, у іх бываюць вінаваты абодва бакі. Але ў дадзеным выпадку заложнікамі сітуацыі, створанай людзьмі, сталі бездапаможныя жывёлы.
Варта прывесці словы пацярпелай: “Мне хочацца, каб людзі зразумелі, што з жывёламі так рабіць нельга. Яны слабейшыя за нас, у іх няма ні сякер, ні лапат, ні пастак. Яны як дзеці. І калі намі раптам авалодваюць нейкія злосць ці крыўда, мы не павінны ісці і забіваць іх. Бо мы ж людзі”.