Житель Брестской области рассказал, почему купил электромобиль
Вы даўно рухаліся на высокахуткасным электрацягніку «Штадлер»? Дык вось менавіта пра гэты самы «Штадлер» згадаў аўтар дадзенай публікацыі, калі папрасіў жыхара Івацэвічаў Барыса Дашэвіча, першага гаспадара электрамабіля ў нашым раёне, пракаціць на ягоным «Шаўрале». І вось рухавік запушчаны, але ў салоне… поўная цішыня. Не адразу ўцяміў чаму – рухавік жа электрычны! Барыс даў газу – і мяне адразу ўціскае ў сядзенне, бо вялікая хуткасць набіраецца імгненна, пры гэтым не трэба бясконца турзаць ручку каробкі пераключэння перадач. Толькі націсні на газ – і амаль адразу максімальная хуткасць!
Вось ён аўтамабіль будучага!
Ужо прыкладна чатыры месяцы Барыс Дашэвіч эксплуатуе «Шаўрале» 2017 года выпуску. Набыў яго ў ЗША з дапамогай афіцыйных беларускіх кампаній, якія займаюцца пастаўкай. Набываў менавіта электрамабіль невыпадкова: кіраўніцтва нашай краіны не на словах, а на справе дэманструе зацікаўленасць у пераходзе беларусаў на экалагічна чысты від транспарту. Так, уступіў у сілу Указ Прэзідэнта Беларусі А. Р. Лукашэнкі №92 «Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў», прадугледжаны шэраг ільгот – адменены падатак на дабаўленую вартасць і ўвазная мытная пошліна. Карацей кажучы, вы толькі патраціце грошы за набыццё электрамабіля за мяжой – і катайцеся колькі заўгодна.
А колькі заўгодна? Барыс Дашэвіч звяртае ўвагу, што асноўнае пытанне, з якім да яго звяртаюцца абывацелі, – ці многа можна «накатацца» на зарадцы акумулятарнай батарэі? Вось канкрэтны адказ: максімальны прабег пры максімальнай зарадцы дадзенага «Шаўрале» – 400 кіламетраў. Наяўнасць станцый электразапраўкі не з’яўляецца праблемай, яны маюцца на «алімпійцы». Ёсць і каля Івацэвічаў, але герой нашай публікацыі карыстаецца ёй не часта: аўтамабіль можа сілкавацца і ад звычайнай дамашняй электрасеткі. Таму прыехаўшы дамоў, Барыс вечарам ставіць легкавік на зарадку, а раніцай ужо мае неабходны запас.
– Электрамабіль больш эканамічны за любую іншую машыну. На 100 кіламетраў прабегу траціцца ад 1,5 да 4 рублёў за электраэнергію (ёсць спецыяльныя начныя тарыфы, даволі танныя), што немагчыма ўявіць, калі ў вас бензінавы або дызельны рухавік – на запраўцы аддасце значна больш.
Мяне не хвалюе праблема замены масла, фільтраў, розных іншых вузлоў і механізмаў, як любога гаспадара звычайнага легкавіка. Гэта, пагадзіцеся, эканомія! Таму ні на хвіліну не пашкадаваў, што купіў менавіта электрамабіль… Мадэлірую сітуацыю: еду ў Брэст ці Мінск, дамашняй запраўкі ў Івацэвічах цалкам хапае даехаць у вялікі горад, там магу заскочыць на электразапраўку на 20-30 мінут, каб яшчэ падсілкаваць батарэю – і дамоў. Няштатных сітуацый не бывала…
Ці не з’яўляецца набыццё электрамабіля жаданнем вылучыцца сярод землякоў? Барыс Дашэвіч адказвае проста: за такімі легкавікамі будучыня; праз 3-5 гадоў іх у Беларусі будуць дзясяткі тысяч. Згадайце, як здзіўляліся беларускія футбольныя каментатары, якія наведалі Амстэрдам летам бягучага года падчас футбольнага Еўра. Вакол стадыёна, сярод сотняў машын, яны не знайшлі ніводнага бензінавага ці дызельнага легкавіка! Толькі электрамабілі, што працуюць ціха, не пакідаюць пасля сябе залітыя маслам стаянкі. Яшчэ колькі аргументаў «за», якія прымушаюць задумацца: многія краіны ўстанавілі канкрэтныя даты поўнай адмовы ад традыцыйных рухавікоў: так, да прыкладу, у Кітаі і Нарвегіі з 2025 года будуць эксплуатавацца толькі электрамабілі, такія знакамітыя аўтаканцэрны, як «BMW» і «Renault», у бліжэйшы час будуць выпускаць толькі электрамабілі…
І яшчэ адзін цікавы момант. Не паверыце, але ў «Шаўрале» Барыса Дашэвіча ўстаноўлены дынамік, на якім запісаны… знешні шум машыны. Каб пешаходы і іншыя ўдзельнікі маглі яго пачуць, бо «маўклівасць» электрамабіля ў нейкай ступені становіцца праблемай. Па словах героя нашай публікацыі, гэта, бадай, адзіная праблема, з якой сутыкаюцца гаспадары дадзенага экалагічна чыстага віду транспарту.