Ахвяры каранавіруса ўсё маладзейшыя: памерла 30-гадовая работніца дзіцячага садка з Мікашэвічаў. Расказваюць муж і свякроў

05.05.2020 22:36
Общество

Яе аналіз на COVID-19 ішоў 9 дзён, аналізы яе мужа не гатовыя і праз 12 дзён. 30-гадовая Ганна Яцкевіч з Мікашэвічаў памерла 3 мая. На заўтра яе пахавалі ў закрытай труне, бо ў жанчыны быў выяўлены каранавірус, піша «Наша Ніва».


Фота з vk.com/сайт горада Мікашэвічы

«Наша Ніва» пагаварыла з мужам і свякроўю Ганны. Па іх словах, хваробу маладая жанчына прывезла з санаторыя.

«30 сакавіка яна паехала ў санаторый «Світанак-Любань». Проста адпачыць, хвароб ніякіх не мела.

Там яна прабыла больш за тыдзень. 11 красавіка Ганне стала кепска, павысілася тэмпература. Сама яна думала, што проста прастыла, — распавяла «Нашай Ніве» свякроў жанчыны. — 14 красавіка муж яе забраў дадому. Вярнуліся позна ўвечары, таму ні з кім не кантактавалі. А на наступны дзень паехалі ў мясцовую бальніцу. Там спачатку сказалі, што ўсё больш-менш нармальна, маўляў, прыходзьце ў панядзелак у паліклініку, але, паглядзеўшы здымкі, меркаванне змянілі. Ганну пасадзілі ў хуткую і павезлі ў Лунінец».

Спачатку ў жанчыны дыягнаставалі левабаковую пнеўманію. Гэта была адносна лёгкая форма захворвання.

«У Лунінцы дзіцячае аддзяленне перафарматавалі, там цяпер ляжаць па чатыры чалавекі ў палаце з пнеўманіямі. Туды паклалі і Ганну», — кажуць сваякі.

У лунінецкай бальніцы Ганне зрабілі аналіз на «карону». Ён прыйшоў толькі праз 9 дзён — і быў станоўчы.

«Калі яе забралі ў бальніцу, ніхто нічога нам не казаў. Я былая медсястра і сама загадала сыну з дзецьмі сесці на хатні каранцін, мы ім пад дзверы насілі прадукты, — кажа свякроў. — Яны прасядзелі дома 9 дзён, тады стала вядома, што ў Ганны «карона», і тады прыехалі дэзынфекаваць хату. Тады ж узялі аналіз у мужа — майго сына — і дзяцей Ганны. Гэта было 23 красавіка, калі я не памыляюся. Але іх вынікаў і сёння няма. Яны агулам 19 дзён сядзяць на каранціне. Што з іх аналізамі, мы не ведаем. Ёсць у каго з іх «карона»? Мы нічога не ведаем. Колькі ім яшчэ чакаць? Мы не ведаем».

Агулам Ганне рабілі два тэсты, кажуць сваякі, абодва пацвердзілі каранавірус.

Па Мікашэвічах цяпер распаўзаюцца чуткі, што ў лунінецкай бальніцы Ганна сустрэла жанчын, з якімі адпачывала ў санаторыі. Сваякі гэта абвяргаюць.

«Такога не было. Быў іншы момант: ёй званілі жанчыны з санаторыя, якія таксама нібыта прастылі, скардзіліся, што згубілі нюх, маюць тэмпературу, — кажа свякроў памерлай. — А ў Пінску да нас падышла доктарка і спытала, у якім санаторыі была Ганна. Мы кажам, што ў санаторыі «Світанак-Любань». Доктарка толькі сказала: «Ну, «Світанак» і даў нам…»

Раней паведамлялася пра выпадкі заражэння каранавірусам і ў іншых санаторыях краіны. Міністр аховы здароўя згадваў пра вялікі шлейф заражаных з санаторыя Міністэрства ўнутраных спраў у Мядзельскім раёне, а «Наша Ніва» пісала пра выпадкі ў санаторыі «Пралеска» ў Ждановічах Мінскага раёна. Вычарпальнай статыстыкі, аднак, улады не публікавалі.

На пяты дзень знаходжання ў бальніцы ў Ганны з’явіліся хрыпы ў адным лёгкім, на наступны дзень — у другім. Ёй паставілі дыягназ: двухбаковае запаленне.

«Пасля зрабілі КТ і вызначылі стан як цяжкі. Паклалі ў рэанімацыю на кісларод, каб яна сама дыхала. 22 красавіка Ганну перавезлі ў Пінск, там таксама трымалі ў рэанімацыі на кіслародзе. І раптоўна ёй стала горш. Тады паклалі пад апарат штучнай вентыляцыі лёгкіх, — кажа свякроўка. — 3 мая яна памерла ў рэанімацыі пінскай бальніцы».

Хавалі Ганну ў закрытай труне. Сябры жанчыны не наважыліся прыйсці на пахаванне.

Хранічных захворванняў Ганна не мела, кажа свякроў.

«Быў нізкаваты гемаглабін і трохі праблемы па гінекалогіі. Усё астатняе ў норме — сэрца і лёгкія цалкам здаровыя. У пінскай бальніцы нам далі паперу аб смерці Ганны. Там было напісана так: сардэчна-лёгачная недастатковасць, вірусная двухбаковая пнеўманія і каранавірусная інфекцыя», — кажуць сваякі.

Ганна Яцкевіч працавала ў дзіцячым садку памочніцай выхавацелькі. У яе засталося двое малых дзяцей.

Источник: Наша Нива
Автор: Улад Швядовіч
Только полноправные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.
Комментариев: 0
Популярные новости
Больше новостей