Вясенняя прызыўная кампанія выйшла на завяршальны этап. На Маларытчыне, як і па ўсёй краіне, пачалася планавая адпраўка ( пройдзе з 25 красавіка па 6 мая) маладога папаўнення на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, піша «Голас часу».
−У вясеннім прызыве 2022 года будзе некалькі адправак, − гаворыць ваенны камісар Маларыцка раёна Аляксандр Праўдзін. − Новы этап у жыцці пачнецца для юнакоў, якія не маюць права на адтэрміноўку. Між іншым, на гэты раз на тэрміновую службу будзуць накіраваны маларытчане ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.
Раніцай 25 красавіка ў войска ад нашага раёна ў войска адпраўлена тры маладыя чалавекі. Яны будуць служыць у 38 дэсантнай брыгадзе ў Брэсце. Наогул жа вясенні прызыў 2022 года прадугледжае, што маларыцкія юнакі свой доўг будуць выконваць не толькі ў Брэсце, але і ў Баранавічах, Барысаве, Гродне, Гомелі, Мінску, Слоніме, Слуцку. Адтэрміноўку па стане здароўя атрымала 14 чалавек. А вось тых, хто падлягае службе ў рэзерве, у вясеннім прызыве 2022 не будзе. Між іншым, прысягу маладое папаўненне прыме 21 мая.
Ваенны камісар Маларыцкага раёна Аляксандр Праўдзін уручыў юнакам ваенныя білеты, пажадаў паспяховай службы, актыўна ўліцца ў вайсковы строй, хутка авалодаць сучасным узбраеннем і тэхнікай, каб на высокім узроўні выконваць пастаўленыя камандаваннем задачы, аддана служыць Радзіме.
У прызыўнікоў мы пацікавіліся, з якім настроем яны ідуць служыць.
‒Я лічу, што тэрміновая служба ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найважнейшым жыццёвым этапам у станаўленні сапраўднага мужчыны, − кажа Мікіта Шахрай. – Гэта ганаровы абавязак кожнага грамадзяніна прызыўнога ўзросту, прыдатнага да службы. Маральна да службы гатовы. Спадзяюся, што яна стане для мяне сапраўднай школай мужнасці, “школай жыцця”.
−Да службы ў арміі стаўлюся станоўча, асаблівых перажыванняў на гэты конт няма, − гаворыць Арцём Выбырных. − Лічу, што кожны хлопец павінен выканаць свой воінскі абавязак перад Радзімай. Ведаю, што армія − добрая школа для фізічнай і маральнай загартоўкі. Яе лічу, павінен прайсці кожны мужчына.