Падрабязнасці забойства пад Лунінцам: малады хлопец закапаў у лесе бацьку шасці дзяцей

Нядаўна ў лесе каля аграгарадка Бастынь (Лунінецкі раён) знайшлі закапанае цела мужчыны. У забойстве падазраюць мясцовага 24-гадовага хлопца. Гісторыя наколькі сумная, настолькі і класічная для беларускай правінцыі: беспрацоўе, куча дзяцей, былы муж, новы кавалер, алкаголь, алкаголь, алкаголь… І як вынік — забойства, піша «Наша Ніва».

Лопата / Фото из открытых источников (иллюстрация)
Фото из открытых источников (иллюстрация)

39-гадовы Руслан Патрушаў сёлета развёўся са сваёй жонкай, 35-гадовай Аленай. Як кажуць у вёсцы, жанчыне надакучыла, што муж не меў сталай працы і выпіваў.

«У іх было сямёра дзяцей. Старэйшаму 18 гадоў, яго Алена нарадзіла яшчэ школьніцай ад іншага мужчыны. Пасля сышлася з Русланам, яны завялі яшчэ шасцярых. Малодшай дзяўчынцы цяпер тры гады», — расказваюць у Бастыні.

Пасля разводу ўсе дзеці засталіся з Аленай. Яна падала на аліменты.

«Алена працы не мела. У шмат каго з дзяцей праблемы са здароўем, адно дзіця мае афіцыйна пацверджаную інваліднасць. Жылі ўсёй сям’ёй на дапамогу па інваліднасці плюс «дзіцячыя» грошы, якія атрымлівалі на малодшае дзіця. Улетку Алена сядзела з самымі малымі дома, а старэйшыя дзеці хадзілі ў лес, збіралі ягады на продаж. Так і карміліся, — расказваюць у Бастыні. — Хоць дзеці ў яе і неблагія. Старэйшы сын, якому 18, трохі разбэшчаны: курыць, выпівае, на ўліку стаяў у міліцыі… А меншыя, здаецца, нармальныя. Вучацца, праўда, хто як. Але дзяўчынка, якая інвалід, вельмі спраўная, і вучоба ёй даецца добра. Яна хоча паступіць у медыцынскі, стаць доктарам».

Руслан, па словах мясцовых, хоць і жыў ужо асобна, нярэдка заходзіў да былой жонкі. Скандаліў, нават біў жанчыну.

Неўзабаве Алена знайшла маладога кавалера — мясцовага 24-гадовага Сяргея Кучарэнку.

Сяргей таксама нідзе не працаваў.

«Бо ён на працу то ходзіць, то не ходзіць. Ветраны такі. Апошняе месца яго — даглядчык жывёлы ў калгасе. Дык ён мог адзін дзень на тыдзень там з’явіцца і больш не прыходзіць. Каму такі работнік патрэбны? Яго і «папрасілі» адтуль. Пасля не працаваў, — кажуць пра Сяргея. — Ну і выпіваў, канечне. Сп’яну ён Руслана і забіў».

Міліцыя падрабязнасцяў забойства не агучвае. Але ў Бастыні ходзяць розныя чуткі пра здарэнне:

«Кажа цяпер хто адно, хто другое. Расказваюць, што нібыта яшчэ з месяц таму Алена і Сяргей выпівалі, прыйшоў Руслан, пачаўся скандал. Руслана выгналі, і Сяргей нібыта сказаў: вось бы твайго мужа неяк прыбраць. Алена сказала, што сапраўды было б добра, каб мужа не было. Не ўсур’ёз, а маючы на ўвазе, што ён да яе ходзіць пастаянна, надакучвае. Але Сяргей гэтую размову запомніў. І здарылася тое, што здарылася.

Другая версія: што Алена нічога не казала, а Сяргей сам вырашыў пазбавіцца ад Руслана, які перашкаджаў ім спакойна сустракацца…»

Вядома, што мужчыны выпівалі, пасля Сяргей запрасіў Руслана ў лес, маўляў, там схаваная гарэлка. Пайшлі ў лес. Там Сяргей ударыў Руслана па галаве вялікім газавым ключом. Затым прыкапаў цела неглыбока, галінамі закідаў і сышоў. На наступны дзень спакойна хадзіў сабе па вёсцы, як нічога ніякага», — распавядаюць вяскоўцы.

Мясцовыя кажуць, што пасля Сяргей прыйшоў да Алены і сам ёй прызнаўся, маўляў, «я твайго мужа забіў». Жанчына яму спачатку не паверыла, падумала, што гэта ці то падман, ці то дурныя жарты. Тады хлопец апісаў усе дэталі забойства.

Алена выклікала міліцыю. Сяргей прызнаўся, паказаў, дзе цела.

Цяпер Сяргею пагражае ад 6 да 15 гадоў. Ён затрыманы, знаходзіцца пад вартай.

«Наша Ніва» звязалася з Аленай Патрушавай. Тая распавяла сваю версію падзей.

«Апошнія два гады Руслан пачаў вельмі моцна піць. Скандаліў. Я развялася, каб не забралі дзяцей. Пасля разводу Руслан таксама часта прыходзіў да мяне. Часам быў нармальны, не кранаў мяне, нічога не ламаў. Але падымаў руку часам. Я тады збягала да сяброўкі ці выклікала міліцыю. Ну а што міліцыя — забіралі на суткі яго, пасля выпускалі.

Але ў мяне ніколі не было думкі забіць мужа.

І з Сяргеем рамантычныях стасункаў я не мела. Ён быў сябрам маіх старэйшых дзяцей, а мне — так, знаёмы. Ды і ў яго ж ёсць нявеста, яны, здаецца, збіраліся ладзіць вяселле, яна цяжарная цяпер, кажуць… У нас з ім жыцці розныя. Ды і Сяргей захапляўся клеем, лакам — нюхаў гэта. Можа, гэта і паўплывала на яго галаву… Не ведаю. Я сама ў шоку ад таго, што адбылося, — расказвае Алена. —

У той вечар Руслан быў у мяне — дапамагаў па гаспадарцы. Прыйшоў Сяргей: ён ішоў з дня народзінаў сястры, завітаў па дарозе выпіць кавы.

Руслан пачаў прасіць у мяне гарэлкі: маўляў, кепска пасля ўчорашняга, трэба пахмяліцца. Я сказала, каб ішоў праспаўся. Але ён усё роўна прасіў. Ну, мне стала яго шкада, я яму дала бутэльку.

Бутэльку перахапіў Сяргей, сказаў, што праводзіць Руслана да агульнага сябра. Пакінуў у мяне пакет з ежай, які нёс ад сястры — паабяцаў, што пасля вернецца за пакетам, каву дап’е».

Алена кажа, што Сяргея яна не дачакалася — пайшла спаць. І каля першай гадзіны ночы ў дзверы пагрукаліся. Гэта быў Сяргей.

«Я адкрыла, хацела аддаць яму пакет. А Сяргей стаіць з развадным ключом. І кажа: «Я забіў твайго былога мужа», — згадвае Алена. —

Я была сонная, але пачала смяяцца яму ў твар. Ты жартуеш, кажу? Лухта!

Проста не паверыла яму, бо Руслана мусілі забраць у ЛПП днямі. І я падумала, што яны ўдвух прыдумалі такую гісторыю, ці то каб Руслан збег некуды, ці то каб праверыць, ці буду я плакаць.

Я кажу: што ты нясеш, заўтра Руслан прыйдзе пахмяляцца. Сяргей адказвае: не чакай ані заўтра, ані паслязаўтра. Я кажу: не, буду чакаць.

Я ўначы напісала некаторым знаёмым, што, маўляў, Сяргей расказвае, што забіў Руслана. Усе адказалі: каму ты верыш, гэтаму прыдурку безгаловаму?»

Але на наступны дзень Руслан сапраўды не з’явіўся.

«Я чакала да абеда. У душы быў нейкі непакой. Я ўвечары нават адправіла старэйшага сына ў лес, паглядзець на тое месца, пра якое расказваў Сяргей. Там было нешта падобнае да слядоў рыдлёўкі, бурыя плямы…

Тады я ўсё ж набрала ўчастковага, але было вельмі позна, падняла нейкая дзяўчына, папрасіла не турбаваць. На наступны дзень зноў вызваніла ўчастковага. Ён не паверыў, але ж прыехаў, — кажа жанчына. — Участковы з’ездзіў у лес. Вярнуўся, сказаў, што нічога падазронага не бачыць. Але я кажу: «Руслан сапраўды прапаў». Пераканала яго, усё ж выклікалі следчую групу».

Следчыя забралі Сяргея, яго прывезлі ў дом Алены.

«Ён плакаў, прасіў мяне: скажы, што мяне не было ў цябе! Але я не стала хлусіць. Пасля міліцыя знайшла труп. Высветлілі, што Сяргей забіў Руслана, пасля два кіламетры ішоў дадому за рыдлёўкай, пасля вяртаўся, закопваў…

За што ён забіў Руслана, я не ведаю».

Руслана Патрушава пахавалі 8 ліпеня на мясцовых могілках.

«Яго хавалі ў закрытай труне. Бо цела было моцна збітае і ад спёкі ўжо трохі пачало раскладацца… Нам сказалі труну не адкрываць», — кажа Алена.

Источник: Наша Нива
Фото: из открытых источников (иллюстрация)
Только полноправные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.
Комментариев: 0