Летась з нагоды 55-гадовага юбілею дзеці і ўнукі Вольгі Рыгораўны Трафімук са Ставаў падарылі ёй, любімай матулі і бабулі, калекцыю фатаграфій, на якіх адлюстраваны ўсе-ўсе-ўсе: 3 дачкі, 3 сыны, 2 унукі і 3 унучкі. Людзі, аб’яднаныя шчырай цеплынёй адно да аднаго і да самага роднага, самага дарагога чалавека – МАМЫ. Галавы вялікай сям’і Трафімукоў ужо 18 гадоў няма на гэтым свеце, але памяць пра яго захоўваецца ў сэрцах…
Знаёмства Вольгі і Фёдара адбылося на пошце ў Ставах, дзе яна працавала і куды ён прыйшоў адправіць пісьмо. У іх, як аказалася, было шмат агульнага і ў першую чаргу тое, што абое выраслі ў мнагадзетных сем’ях. Яна была адной з пяці сясцёр, а ён рос з сямю братамі і сёстрамі. Бацькі Фёдара пераехалі ў родныя Вользе Ставы з Украіны, а потым і ён, адслужыўшы ў арміі, накіраваўся ў гэту маляўнічую вёсачку Камянецкага раёна.
“Паштовая гісторыя” стала пачаткам шчаслівай сям’і. Фёдар і Вольга пабраліся шлюбам, знайшлі работу ў мясцовым калгасе (сёння – ААТ “Александрыя-Агра”): жонка – даяркі, муж – механізатара. Адзін за адным пайшлі дзеці… Наталля і Зоя, Валерый і Алёна, Кірыл і Дзмітрый.
– Усіх іх выхоўвалі дабром, – прыгадвае Вольга Рыгораўна. – Ніколі не было лаянкі і пакаранняў у нашым доме. Дзеці добра вучыліся ў школе, дапамагалі адно аднаму рабіць урокі, а да мяне – ці паверыце? – ніколі не звярталіся з гэтай нагоды, хіба толькі верш, вывучаны на памяць, прасілі паслухаць… Дапамагалі на немалым агародзе, па гаспадарцы дома, а таксама на ферме, дзе працавала. Усе мае хлопчыкі і дзяўчынкі ўмеюць даіць карову.
Пазней, калі мужа ўжо не было, мне прапанавалі вучобу ў каледжы, пасля якой магла стаць заатэхнікам. Спачатку баялася пакідаць дзяцей без нагляду на час экзаменаў, але яны запэўнілі: справімся! І справіліся! Дзякуючы самастойнасці маёй шасцёркі змагла скарыстаць выдатную магчымасць вучыцца.
На заслужаны адпачынак, дарэчы, мая суразмоўца пайшла датэрмінова – у 46 гадоў, як і прадугледжана законам для мнагадзетных матуль. Ёсць у Вольгі Рыгораўны і ганаровы ордэн Маці.
– У 1997-м, калі малодшаму сыну Кірылу споўнілася 8 гадоў, мне ўручылі ўзнагароду ў праўленні нашага калгаса. Хвалюючы і прыемны момант! Гаспадарка, помню, падарыла вельмі прыгожы сервіз на ўсю сям’ю, а калегі цёпла віншавалі.
Калі пытаюся пра прафесіі, абраныя дзецьмі, Вольга Трафімук не без гонару расказвае пра кожнага паасобку. Так, Наталля і Валерый працуюць сёння ў той жа “Александрыі-Агра” (жывёлаводам і рознарабочым адпаведна), Зоя – поварам Чарнаўчыцкай СШ, Алёна – галоўным ветэрынарным урачом цяплічнага камбіната “Бярэсце” ў Тэльмах, Кірыл – ваеннаслужачы 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгады, а Дзмітрый пакуль шукае сваё пакліканне.
Усе дочкі ўжо замужам, падарылі матулі 2 унукаў і 3 унучак, якія з радасцю і вялікай ахвотай бавяць лета ў Ставах, дзе так весела і прывольна. А пры іх і бабулі сумаваць няма калі.
Цікаўлюся, ці часта ўся вялікая сям’я збіраецца разам.
– Вось на Вялікдзень сустракаліся, – усміхаецца Вольга Рыгораўна. – У нас з трыма сёстрамі, дзве жывуць у Ставах, адна ў Высокім, ёсць традыцыя. Першы дзень вялікага свята Уваскрэсення Хрыстовага сустракаем у сваіх дамах, а другі – у бацькоўскім. Там сабралася ў бягучым годзе недзе чалавек з 40. Шумна! І шчасна.
Не магу абмінуць увагай і мінулагодні юбілей…
– Дзеці спявалі мне песні, прысвечаныя маці. Адна з дачок, Зоя, напісала сцэнарый, размеркавала паміж усімі словы. Атрымалася вельмі кранальна – да слёз! Кожны падрыхтаваў свой падарунак. Быў вельмі прыгожы і смачны торт. Усё, як мае быць.
І дарэчы, паказальны факт. Усе дзеці тэлефануюць Вользе Рыгораўне штодзень. Заўсёды.
– Мой тэлефон проста чырвоны робіцца ад такой колькасці званкоў! – смяецца яна.
– Што вы параілі б жанчыне, якая сумняваецца, быць мнагадзетнай мамай ці не?
– Абавязкова быць! Не бойцеся гэтага. Мацярынства – вялікая радасць і шчасце. Абапіраючыся на вопыт, скажу: адно дзіця – гэта сіротка, а вось два і больш – упэўненасць, што нехта абавязкова прыйдзе табе на дапамогу. Такое дарагога каштуе.
– Што азначае для вас быць мамай?
– Быць чалавекам, у першую чаргу. Каб душа была, дабрыня, жаноцкасць. Мама – гэта святое.
І дзеці Вольгі Трафімук, безумоўна, з гэтым згодзяцца!