«Чего ждём? Когда стоит инвестировать в доллар!»

У суд Івацэвіцкага раёна звярнуўся жыхар Бярозы,бо жанчына з Івацэвічаў прадала яму… «няякаснага» сабаку

Собака

У суд Івацэвіцкага раёна звярнуўся жыхар Бярозы. Сутнасць яго прэтэнзій: жанчына з Івацэвічаў прадала яму… «няякаснага» сабаку пароды балонка. Сабаку ён вярнуў жанчыне, а вось грошы назад не атрымаў.

Вось поўная перадгісторыя. У першай палове 2020 года Т., жыхар Бярозы, вырашыў набыць сабаку пароды балонка. Сябра параіў яму патэлефанаваць у Івацэвічы, маўляў, тут пражывае М., жанчына, якая займаецца развядзеннем сабак дэкаратыўных парод. Праз пэўны час Т. і М. сустрэліся ў Івацэвічах, Т. выбраў сабе шчанюка балонкі, якога купіў за немаленькую суму грошай (пародзістыя сабакі сёння каштуюць нямала).

Мужчына з’ехаў з балонкай у Бярозу, але праз пэўны час яго чакала расчараванне: па ягоных словах, сабака не адпавядала тым «патрабаванням», якія ён чакаў. Сабака, прабачце, ходзіць у туалет і не кожны раз так, як Т. хацелася б, акрамя таго, шчанюк брэша – часта і без каманды, а гаспадару хацелася б, каб ён быў больш маўклівым. Больш за тое, ён аказаўся «блыхастым», чаго Т. не чакаў; ён вырашыў выправіць сітуацыю, стаў стрыгчы балонку, чым моцна сапсаваў яе знешні выгляд.

У рэшце рэшт, Т., які, паўтаруся, быў моцна расчараваны «жывой цацкай» патэлефанаваў у Івацэвічы, паскардзіўся М. на балонку і запатрабаваў прыняць «тавар» назад, а грошы вярнуць. Жанчына пагадзілася, але ў Івацэвічах выйшла неспадзяванка: М. адмовілася прымаць назад балонку, якую «абскублі» брыдка, практычна лысую.

– Я вам прадавала сабаку не ў такім выглядзе! – адрэзала жанчына.

Узнікла няёмкая сітуацыя. Т. заявіў, што яму ў такім разе і балонка не патрэбна, карацей, ён вярнуўся ў Бярозу без грошай і без сабакі. Праходзіць некалькі месяцаў, і ў суд звяртаецца гэты мужчына з Бярозы з патрабаваннем вярнуць грошы, якія ён аддаў за сабаку.

Гэтая дзіўная і крыху недарэчная справа каштавала нямала нерваў удзельнікам; М. адразу паведаміла мужчыне з Бярозы: сабаку забірайце хоць зараз, вы за яго заплацілі грошы, ён ваш! Мужчына наадрэз адмаўляецца яе прыняць, матывуючы гэта тым, што яго падманулі. Аказваецца, ён не чакаў, што сабака… ходзіць у туалет, брэша, а М. характарызавала балонку інакш.

Інакш – гэта як?

Прабачце, як можа жывая істота не спраўляць свае натуральныя патрэбнасці? Як можна набываць сабаку ў дом і не разумець: яна будзе хадзіць у туалет і, магчыма, не так і не там, дзе жадае гаспадар? З жывёлай трэба будзе займацца, трэба будзе вучыць. Сабака, бывае, і брэша не ў самы зручны момант… Няўжо гэта для кагосьці навіна? У судзе выступіў сабакавод, які на гэта звярнуў увагу і пакрэсліў, што пакупка жывой істоты ў значнай ступені – латарэя. Нават шчанюкі ад аднаго памёту маюць розныя характары, гэта ні для каго не з’яўляецца сакрэтам.

Карацей кажучы, іск жыхара Бярозы да М. пакінуты судом без задавальнення. А балонку, за якую заплаціў грошы, ён можа забраць хоць зараз.

Колькі слоў маралі. У нашых Івацэвічах – у дамах і кватэрах – сапраўды стала значна больш сабак дэкаратыўных парод – ёркі, пудзелі, мопсы, шпіцы, спаніэлі, чыхуахуа… Вельмі спадзяюся, што яны трапілі ў сям’ю і прынеслі радасць, бо жывая істота – гэта не тэлефон, які можна паставіць на паўзу, можна выключыць гук і г. д. Бо калі вы па-сапраўднаму любіце свайго мопса ці пудзеля, то прымеце яго з усімі «недахопамі». Зразумейце сабаку і сябе зразумейце!

Арцём ПАДАЛЯНЕЦ, суддзя суда Івацэвіцкага раёна.

Только полноправные пользователи могут оставлять комментарии. Войдите, пожалуйста.
Комментариев: 0