Брэсцкая вобласць. Як у Бялёва святкавалі Дзень роднай вёскі
Ёсць у размераным, напоўненым клопатамі жыцці вёскі Бялёва асаблівы дзень, калі яе жыхары адкладваюць на некаторы час усе свае заняткі і збіраюцца разам, каб адсвяткаваць – весела і душэўна – Дзень роднай вёскі. Так, і 12 ліпеня ля будынка былога магазіна, дзе зладзілі імправізаваную сцэну, сабралася нямала людзей самых розных узростаў (нават спёка іх не спужала).
Канцэртную праграму для гасцей падрыхтавалі артысты Дзмітровіцкага СДК (народная эстрадная студыя “Версія”, юныя вакалісткі), калектыў “Жаночы ўраган”, госці з Хадасоў і народнае аматарскае аб’яднанне ветэранаў “Белая вежа” з Каменца. Свята яшчэ раз нагадала слухачам пра тое, як важна помніць пра свае карані, цаніць і берагчы малую радзіму – той куток, адкуль зрабіў першыя крокі ў вялікае жыццё.
Слухачы шчыра дзякавалі артыстам за кожнае выступленне, і нельга было не заўважыць той цёплай, запраўды дамашняй атмасферы, якую ўдалося стварыць, той сувязі, якая ўсталявалася паміж людзьмі!
Са словамі падзякі і віншаваннямі звярнуўся да бялёўцаў старшыня Дзмітровіцкага сельсавета Вячаслаў Русакевіч. Па яго просьбе слухачы ўшанавалі хвілінай маўчання памяць тых сваіх аднавяскоўцаў, якія, на жаль, пайшлі з жыцця, а ў заключэнні свайго выступлення Вячаслаў Уладзіміравіч зачытаў вершаваныя радкі, прысвечаныя малой радзіме.
Да віншаванняў далучылася ў гэты дзень і старшыня прафкама ААТ “Савушкіна пушча” Марына Семянюк (дарэчы, за дапамогу ў падрыхтоўцы да Дня вёскі калектыў Дзмітровіцкага СДК шчыра дзякуе кіраўніцтву названай гаспадаркі).
Не абышлося ў святочны дзень і без падарункаў, а нагоды для іх былі самыя што ні на ёсць значныя! Чаго варты толькі 99-ы па ліку дзень нараджэння жыхаркі Бялёва Вольгі Феадоцьеўны Аніскевіч! Вядучыя канцэрта папрасілі перадаць ёй пажаданні моцнага здароўя і сіл, каб у наступным годзе бабуля сустрэла 100-гадовы юбілей.
Прымалі віншаванні таксама Рыгор Лявонцьевіч і Ніна Сцяпанаўна Дземідзюкі, якія пражылі разам у згодзе ўжо 56 гадоў.
Быў адзначаны падарункам і бялёвец Аляксандр Рубан, чый падворак прызнаны самым прыгожым у вёсцы. Дзе пануе парадак – там і прыгожа!
Весела ў Дзень вёскі ў Бялёве было ўсім. Дзяцей вабілі забаўкі, якія прадаваліся тут жа. Іх бацькі размясціліся хто на траўцы (чаму б не?), хто на прынесеных з дома крэслах, а сталыя жыхары вёскі занялі ганаровыя месцы, зладжаныя перад сцэнай. Міжволі кідалася ў вочы, з якой цікавасцю пазіралі на свята людзі, што праязджалі ў машынах міма магазіна. Ім, відавочна, карцела далучыцца.